Правда о Катыни
: Главная : : Новости : : Содержание : : Вопросы и ответы : : Форум : : О проекте :


 Поиск 

 Содержание 
Введение
Официальные документы
Версии
Свидетельства
Публикации
Места захоронений

 Партнёры 

Интернет-магазин Делократ.Ру - Правильные идеи по доступным ценам

 Сервис 
Расширенный поиск
Ссылки
Форум

 О сайте 
Сайт http://katyn.ru «Правда о Катыни. Независимое расследование» – является интернет-ресурсом международного проекта «Правда о Катыни», созданного для выяснения истинных обстоятельств одного из самых загадочных и противоречивых эпизодов Второй Мировой войны – Катынского расстрела. Более подробно о целях проекта можно прочитать в разделе сайта «О проекте».
Наш контактный e-mail: info@katyn.ru

В оформлении дизайна сайта использованы фотоматериалы из книги «Amtliches Material zum Massenmord von Katyn» (Berlin, 1943) и фотографии из архива Алексея Памятных.

 Статистика 







 Содержание 
Начало раздела > Места захоронений > Куропаты

З.Позняк, Н.Кривальцевич и О.Иов. Отчет о археологических раскопках в Куропатах. 1988 г., не ранее 15 июля.


СПРАВАЗДАЧА 


аб археалягічных раскопках (эксгумацыі)
пахаваньняў ва ўрочышчы Курапаты (Брод)
Менскага раёну Бараўлянскага сельсавету
 

З.Пазьняк, М.Крывальцэвіч, А.Іоў

 

АГУЛЬНЫЯ ЗЬВЕСТКІ

Археалягічныя раскопкі (эксгумацыя) магіл на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну праводзіліся ў сувязі з расьсьледаваньнем крымінальнай справы, узбуджанай Пракуратураю БССР па факце выяўленьня пахаваньняў у лясным масіве Курапаты (ліст Пракуратуры БССР у Інстытут гісторыі № 19-462 сл. ад 30.06.88). Рашэньне аб эксгумацыі прынята Пракуратураю БССР пасьля публікацыі ў газэце “Літаратура і мастацтва” артыкула “Курапаты - дарога сьмерці". Працы праводзіла сьледчая група Пракуратуры з удзелам іншых спэцыялістаў. Навуковае ажыцьцяўленне археалягічных працаў па эксгумацыі праводзіла група археолягаў Аб’яднаньня аддзелаў археалёгіі Інстытуту гісторыі АН БССР у складзе старэйшага навуковага супрацоўніка Зянона Пазьняка (кіраўнік групы), навуковага супрацоўніка Мікалая Крывальцэвіча, асьпіранта Алега Іова. 

Раскопкі праводзіліся з 6 да 15 ліпеня 1988 г. За гэты час былі распрацаваныя 1 шурф і 7 раскопаў на максімальную глыбіню да 2,75 м агульнай плошчай 44 кв.м. Акрамя таго, распрацаваныя ручным спосабам 4 разьведвальныя траншэі глыбінёй ад 0,30 да 1,50 м агульнай плошчай 43 кв.м і 4 траншэі мэханічным спосабам на глыбіню да 2 м агульнай плошчай 12 кв.м. (Агульная плошча ўсёй раскапанай тэрыторыі - 99 кв.м). 

У 6 раскопах на дне магільных ямаў былі знойдзеныя рэшткі пахаваньняў людзей. У раскопе № 7 рэшткаў люзей ня выяўлена. Шурф № 4 быў выкапаны на поўдзень ад лініі рову, за былой агароджай Курапатаў, з мэтай высьвятленьня магчымасьці існаваньня агульных магілаў па-за межамі тэрыторыі расстрэлаў. 

Археалягічныя дасьледаваньні праводзіліся ў трох частках тэрыторыі пахаваньняў (мал.1-2). Ва ўсходняй частцы на паўночным схіле ўзгорку (грады), парослага рэдкім яловым лесам, былі распрацаваныя раскопы № 1-3. Раскопы № 5 і 6 зробленыя ў паўднёвай частцы Курапатаў прыблізна на адлегласьці 200 мэтраў на паўднёвы захад ад раскопаў № 1-3, на поўдзень ад газатрасы, што ў красавіку 1988 г. пракладзена па вяршыні ўзгорыстай грады і бліжэй да кальцавой дарогі. Раскоп № 8 закладзены на адлегласьці прыблізна 75 і 160 м на паўночны захад ад раскопаў № 1-3 на паўночным краі ўзвышанага месца, пасьля якога пачынаецца паніжэньне тэрыторыі й лагчына. 

Акрамя таго, былі дасьледаваныя і гэтае паніжэньне мясцовасьці, і гэтая лагчына на паўночна-ўсходняй ускраіне Курапатаў, што бліжэй да дарогі Калодзішчы-Заслаўе. 

Раскопкі праведзены рыдлёўкамі па пластох з ручной пераборкай грунту і дасьледаваньнем яго мэталашукальнікам, з фіксаваньнем глыбіняў, характару й колеру запаўненьня магілаў, назіраньнем за стратыграфіяй. З гэтаю мэтаю пахаваньні спачатку дасьледаваліся скрыжаванымі траншэямі шырынёй 1,00 м уздоўж і ўпоперак западзін. Траншэі раскопваліся да зьяўленьня першых рэшткаў пласта пахаваных. Адначасна ў профілях траншэяў выяўляліся пачатковыя контуры пахавальных ямаў і межы перакопаў, вывучаліся напластаваньні. Па лініі траншэяў пасьля распрацоўкі раскопаў былі потым зробленыя падоўжныя і папярочныя профілі (разрэзы) пахаваньняў у маштабе 1:20. 

Выбарка й пераборка грунту запаўненьня магілаў працягвалася да зьяўленьня пласта пахаваных па ўсёй плошчы раскопаў. Потым адбывалася зачыстка гэтага пласта ад пяску, якую рабілі садовымі шуфлікамі, нажамі й шчоткамі. Зачыстка касьцей выяўляла сытуацыю верхняга пласта пахаваньняў. Пасьля гэтага рабілася фіксацыя глыбіняў, індывідуальных знаходак, чарапоў, абутку й касьцей, здымаўся плян (схема разьмяшчэньня асноўных знаходак і рэшткаў нябожчыкаў) у сумеры 1:20, раскоп фатаграфаваўся на фотастужку (а крыміналістамі яшчэ і на магнітную відэастужку). 

Пасьля заканчэньня гэтай работы пачыналася разборка пласта пахаваных сумесна з мэдыкамі-экспэртамі. Пры гэтым фіксаваліся ўсе індывідуальныя знаходкі, чарапы, абутак і рэшткі адзеньня, адзначаліся месцы й глыбіні іх знаходжаньня. Усе знаходкі з пласта і неабходныя рэшткі пахаваных пасьля апісаньня іх ды фіксаваньня на пляне і ў запісах археолягамі забраныя мэдыцынскімі экспэртамі й крыміналістамі для экспэртызы. 

У канцы адбывалася зачыстка дна пахаваньняў і фіксаваньне мацерыка. Упоперак усіх раскопаў у мацерыку рабілася кантрольная траншэя глыбінёй ад 0,4 да 1,00 м і шырынёй 0,5-0,6 м. Потым у гэтую траншэю складваліся абутак і рэшткі пахаваных, не забраныя для экспэртызы, і засыпаліся. Усе працэсы раскопак фіксаваліся на фотастужку археолягамі й крыміналістамі. 

Пасьля археалягічных дасьледаваньняў і эксгумацыі ўсе раскопы былі акуратна закапаныя рыдлёўкамі, а тэрыторыя працаў прыведзена ў належны парадак. 



РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 1

I

Пахаваньне вызначана па западзіне (глыбіня 0,45 м). Яма зарыентаваная на паўночны ўсход. Па ўскрайку западзіны расьлі дрэвы. Відаць было сьмецьце (паперкі, бляшанка ад кансэрваў). Паверхня пакрытая ігліцай ад хвояў і елак. 

II

Пачаткова закладзены шурф упоперак магільнай ямы. Памеры шурфа 1 х 3 м. Арыентацыя: паўночны захад - паўднёвы ўсход. У разрэзе праглядалася верхняя стратыграфія пахавальнай ямы: насыпаны пясок (0,10-0,15 м), які зьверху пакрыты тонкім пластом ляснога шыльніку (да 0,05 м). У шурфе былі відаць вэртыкальныя межы пахавальнай ямы (запаўненьне больш рыхлае, перамяшанае, трапляюцца рэшткі глебы). На глыбіні 1,65-1,68 м у паўднёва-ўсходнім і паўночна-заходнім канцах шурфа выяўлены рэшткі скуры (боты), косьці чэрапа. Паглыбленьне шурфа спынена. Вызначаны памеры раскопу (3,40 х 2,40 м), у межы якога ўключана пахавальная яма. Пасьля выбаркі насыпнога грунту пачалася зачыстка рэшткаў пахаваных. Памеры пахавальнай ямы на ўзроўні зачысткі 3,20 х 2,30 м. Зачыстка вялася нажамі, садовымі лапаткамі й шчоткамі. Пасьля зачысткі праводзілася фіксацыя, абмеры. Рэшткі пахаваных разьбіраліся. Глыбей разборка вялася бяз пэўнай зачысткі да мацерыковага ўзроўню, у гэтым выпадку - да глыбіні 2,75 м. Пахавальная яма звужалася. Памеры ў прымацерыковай частцы 2,85 х 1,67 м. Магутнасьць пласта пахаваных у цэнтральнай частцы 0,70 м. Пасьля поўнай выбаркі ўпоперак дна капалася кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, глыбінёй да 1 м. 

III

Рэшткі адзеньня, косьці разьмяшчаліся з глыбіні 1,65 м па краёх і 2,00 м у цэнтральнай частцы ямы да глыбіні 2,75 м уключна. 

Па краёх ямы - рэшткі скуранога адзеньня (курткі, паліто). Некаторыя ў складзеным выглядзе. Пласты скуранога адзеньня выяўлены і ў цэнтральнай частцы ямы. Рэшткі скураной вопраткі сустракаліся да мацерыка. У паўночным куце на глыбіні 1,20 м выяўлены тры чарапы; два зь іх ляжалі тварамі ўверх, 1 - уніз. У заходнім куце на глыбіні 1,35-1,38 м - пустая бутэлька, рыльца павернута ў цэнтральную частку ямы, заткнута гумавым коркам. Бутэлька ляжала на белым пяску. Ніжэй і побач пад пяском чарапы, іншыя рэшткі людзей (з глыбіні 1,40-1,45 м). (Бутэльку кінулі, магчыма, пасьля засыпкі чарапоў і іншых рэшткаў у час папярэдняй эксгумацыі). Знойдзена вялікая колькасьць ботаў (многія ў галёшах), рэшткі валёнак. Некаторыя галёшы самаробныя, зробленыя з аўтамабільнай гумы. Выяўлена 47 чарапоў. Падлік колькасьці асобін у час раскопак не праводзіўся. (Косьці забраныя на мэдэкспэртызу, фота 1). Усе чарапы разьмяшчаліся пераважна па краі ямы. На цэлых чарапох відаць скразныя адтуліны ад куляў. Стралялі пераважна ў патыліцу. 

Знойдзены таксама: 

1. Кашалькі, партманэты і іх фрагмэнты - 9 штук, у 4, магчыма, ёсьць манэты. (У час раскопак кашалькі не адкрывалі, каб не пашкодзіць). 

2. 6 манэт - 2 трохкапеечныя (1933 і 1935 гг.) і 4 - 20-цікапеечныя (1931, 1932, 1933 і ? гг.). 

3. 10 куляў, некаторыя дэфармаваныя, 1 - усярэдзіне чэрапа. 

4. 2 вырабы з каляровага моцна акісьленага мэталу з рэшткамі скуры (нагрудны знак?). 

5. Выраб жалезны. Брусок выгнуты (25 х 3 см). 

6. 2 кубкі (1 у кішэні скуранога паліто). На адным, на дне, напісана “Ростов-на-Дону". 

7. Устаўная сківіца. 

8. Грабянец плястмасавы, чорны. 

9. Гільзы ад савецкага нагана. 

Знойдзена шмат гумовых галёшаў і ботаў. Некаторыя маркіраваныя: “Красный Богатырь” (2), “Красный треугольник” (2), “Резинтрест” (2). На падэшве апошняга лічба “36″ і літары “ВСНХ". Знойдзены клееныя самаробныя гумовыя бахілы. 

IV. Высновы

На падставе раскопак можна зрабіць наступныя высновы: 

- пахаваньне праведзена ў халодную пару году; 

- пахаваныя загінулі ў выніку стрэлаў у галаву (кулі, гільзы, дзіркі ў чарапох); 

- пахаваньне да гэтага парушалася эксгумацыяй (заляганьне рэшткаў расстраляных па краі ямы, выбарка сярэдняй часткі магілы да глыбіні 2,00 м). (Гл. мал. 3-5. Розьніца паміж краямі і цэнтрам пахавальнага пласта 0,40-0,34 м); 

- мяркуючы па агледжаных знаходках (манэты, галёшы), пахаваньне зроблена не раней за 1936 г. (манэты ў кашалькох не дасьледаваліся); 

- мяркуючы па абутку і адзежы, сярод забітых, выяўленых у магіле, было шмат простых людзей, хутчэй за ўсё сялян. Пэўная колькасьць належала да інтэлігенцыі. Тут жа пахаваныя і жанчыны; 

- у пахавальным пласьце магілы № 1 выяўлена 47 чарапоў. Калі дапусьціць (паводле аналёгіі зь іншымі магіламі і паводле сьведчаньняў некаторых відавочцаў), што пахаваньне было запоўнена да ўзроўню ня менш як на 40-45 см ад верху, дык аб’ём верхняй выбранай часткі магілы (гл. мал. 4-5) больш чым у тры разы перавышае аб’ём ніжняга пласта. У магіле № 1 магло быць пахавана ня менш за 150 нябожчыкаў. 

Пасьля распрацоўкі раскопу рэшткі касьцей і абутку пахаваных, не забраныя на экспэртызу, пакладзены ў траншэю на дне пахавальнай ямы і засыпаны. 

Раскопкі пахаваньня № 1 праводзілі археолягі М.Крывальцэвіч і А.Іоў. 

РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 2

I

Пахаваньне вылучана па западзіне глыбінёю 0,40 м. Падоўжаная яма зарыентавана па лініі поўдзень-поўнач. На паверхні паўднёва-ўсходняга сэктару ямы расьлі 2 дрэвы. З гэтай прычыны адпаведная частка пахаваньня спачатку не распрацоўвалася. У западзіне на паверхні сустракалася сьмецьце, некалькі кволых кусьцікаў маліны. Паверхня пакрыта ігліцай ад хваін і елак. Назіраўся нахіл паверхні ямы ў паўночны бок. 

II

Пачаткова закладзены шурф упоперак пахавальнай ямы (2,50 х 1 м). Пахаваньні знойдзены на глыбіні 0,84 м каля заходняй сьценкі раскопу. Дзеля выяўленьня верхняй мяжы пласта заляганьня рэшткаў пахаваных па ўсім раскопе (4,00 х 2,70 м) праведзена расчыстка насыпнога пяску. З глыбіні 0,84-0,90 м, калі зьявіліся па краёх рэшткі пахаваных, пачалася зачыстка, якая вялася нажамі, шуфлікамі, шчоткамі. У цэнтральнай частцы рэшткі людзей зьявіліся на глыбіні каля 1,30 м (ад дзённай паверхні). Потым праводзілася агульная фіксацыя, абмеры. Памеры пахавальнай ямы 3,40 х 2,40 м. Рэшткі пахаваных разьбіраліся да мацерыковага ўзроўню, у гэтым выпадку да глыбіні 2,00-2,70 м (паўднёвая сьценка - паўночная сьценка). Магутнасьць пахавальнага пласта ў цэнтральнай частцы 0,60 м. Пахавальная яма звужалася. Прымацерыковыя памеры яе 2,85 х 1,67 м. 

Пасьля поўнай выбаркі ўпоперак дна (лінія захад-усход) капалася кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, глыбінёй 0,60 м. 

III

На глыбіні 0,84-0,90 м у паўднёва-заходнім куце выяўленыя рэшткі касьцяка (фота 3). Чэрап ляжаў на баку, твар павернуты на паўночны ўсход, рот раскрыты, рукі падвернутыя пад цела, ногі раскінутыя. Косьці левай галёнкі адсутнічаюць (выкінутыя пры папярэдняй эксгумацыі). У паўночна-ўсходнім куце - 2 чарапы (глыбіня 1,0 м; 0,98 м). Раты прыадкрытыя. Паміж чарапамі знойдзена куля. У адным з чарапоў 2 скразныя кулявыя адтуліны. У адной адтуліне (у лобнай частцы) засела куля. За 40 см на поўнач - чэрап (глыбіня 1,10 м). Галава задраная ўверх. Кулі трапляліся ў ніжняй частцы магілы. 

Сустракаюцца рэшткі скуранога адзеньня (паліто, курткі). Выяўлена шмат галёшаў. Маркіроўка савецкая. Пераважна з трыкутнікамі й датамі “37″. Боты й чаравікі скураныя. Адшуканы жаночы абутак (абцас высокі, халявы вузкія, памер 36-37). Сустракаўся абутак складзены, які не абувалі, а ўзялі з сабою. Пападаліся чаравікі самаробныя, гумовыя (некалькі параў). Сустракаліся самаробныя гумовыя галёшы (бахілы, фота 2). 

Знойдзены: 

- 3 кашалькі. У адным (глыбіня 1,54 м) 4 манэты (даты не чытаюцца), у другім - манэта і рэшткі папяровых грошай. 2 слупкі манэт ляжалі ў карабку ад запалак (глыбіня 2,10 м; даты ня вызначаны); 

- два кубкі белыя фарфоравыя на глыбіні 2,05 м (адзін разьбіты); 

- акуляры ў скураным футарале, зубныя шчоткі; 

- некалькі чарапоў мелі на зубох каронкі з жоўтага й белага мэталу. 

З глыбіні 2,00-2,30 м рэшткі пахаваных уяўлялі сабой суцэльны зьляжалы пласт. Амаль усе чарапы дэфармаваныя ад ціску верхніх пластоў. Прасочваюцца гарызантальныя праслойкі сьветлага пяску, якія ў двух выпадках чаргаваліся праз 0,3-0,4 м (паслойная прысыпка пахаваных). 

Знойдзены 62 чарапы ў межах пахаваньня. 

IV. Высновы

На падставе раскопак пахаваньня можна казаць, што: 

- раней, задоўга да нашых раскопак, праводзілася эксгумацыя магілы (выбрана сярэдняя частка пахаваньня); 

- магчыма, рабілася пачарговая перасыпка пяском партыяў расстраляных (праслойкі белага пяску); 

- частка людзей, магчыма, мела пэўную сямейную, кроўную ці тэрытарыяльную сувязь (2 аднолькавыя фарфоравыя кубкі з фігурнай ручкай, некалькі параў аднолькавых самаробных гумовых чаравікаў); 

- сацыяльны статус пахаваных даволі нізкі, ніжэйшы, чым у пахаваньні № 1 (абутак ніжэйшай якасьці, менш кашалькоў, шмат самаробнага абутку, менш прадметаў туалету, менш залатых каронак, скуранога адзеньня і г.д.); 

- пахаваныя расстраляны (кулі, дзіркі ад куляў у патыліцы); 

- сярод расстраляных былі жанчыны; 

- частку рэчаў, безумоўна, бралі з сабою (складзеныя боты, прадметы туалету, кубкі). Людзі рыхтаваліся ў далёкую дарогу. 

У межах пахаваньня знойдзены 62 чарапы. Аб’ём раней выбранай часткі магілы (пры першай эксгумацыі) ад верхніх крайніх пунктаў зьяўленьня знаходак прыблізна такі ж, як і аб’ём распрацаванага намі пахавальнага пласта, гэта значыць там таксама магло ляжаць больш за 60 касьцякоў. Хутчэй за ўсё, забітых засыпалі зьверху пяском таўшчынёй да 40 см. Да гэтага ўзроўню магло зьмясьціцца яшчэ каля 60 трупаў. Такім чынам, у магіле № 2 магло быць пахавана прыблізна каля 180 чалавек. Памеры прымацерыковай часткі магілы 2,85 х 1,67 м (мал. 6-8). 

Пасьля выбаркі магілы ўпоперак яе пракапана на дне кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, да глыбіні 0,60 м. Рэшткі касьцякоў і адзеньня, не забраныя на экспэртызу, закладзены ў траншэю і засыпаны. 

Раскопкі пахаваньня № 2 праводзілі археолягі М.Крывальцэвіч і А.Іоў. 


РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 3

I


Пахаваньне вызначана па характэрнай прастакутнай западзіне глыбінёй да 18 см. Паверхня была пакрыта невысокаю рэдкаю травой і яловым шыльнікам; у цэнтры відаць вугольле ад былога вогнішча. У тонкім пласце дзірвану таўшчынёй 5 см таксама знойдзена вугольле й рознае сьмецьце. Паверхня была дасьледавана мэталашукальнікам. У траве і ў дзірване выяўлены ржавыя, перагарэлыя ў вогнішчы цьвікі, абрыўкі дроту, абломкі нейкіх жалезных вырабаў, паржавелыя кансэрвавыя бляшанкі, накрыўкі, доўгая й лёгкая куля ад вінтоўкі з круглай адтулінай у тыльнай частцы (хутчэй за ўсё запальная), дробныя асколкі шкла, абрыўкі поліэтылену. Арыентацыя пахаваньня па частках сьвету даўжынёй па лініі захад-усход. 

II

З мэтай выяўленьня контураў магільнай ямы й глыбіні заляганьня рэшткаў людзей упоперак западзіны была пракапана траншэя (шурф) 1 х 2,3 м. Грунт - жоўты перакапаны пясок з украпінамі іншароднай засыпкі чорнага й шэрага колераў. На глыбіні 1,30 м ад дзённай паверхні выяўлены кавалак арганічнага рэчыва, падобны на струхнелую скуру ці адзеньне; тут жа выяўлена тазавая косьць чалавека, крыху ніжэй - косьці пальцаў рук, а на глыбіні 1,40 м - вялікія косьці чалавека, разьмеркаваныя ўздоўж паўночнай сьценкі шурфа па самым краі магільнай ямы. Вэртыкальны контур яе выразна чытаецца на профілі траншэі. На гэтай жа глыбіні (1,40 м) ў цэнтры магілы ў пяшчаным грунце знойдзены бязь ніякай сувязі з касьцямі гумовы галёш з маркіроўкай савецкай фабрыкі і надпісам “СССР". У цэнтры шурфа рэшткі людзей паказаліся на глыбіні 2,03 м. На гэтым узроўні распрацоўка шурфа спынена. Быў распрацаваны раскоп памерам 2,87 х 2,28 м. Выбарка пяску працягвалася да зьяўленьня верхніх фрагмэнтаў пахаваных. Па краёх да глыбіні 1,40 м і ў цэнтры - да 2,00-2,10 м. У паўночна-заходнім куце раскопу на глыбіні 1,43 м выяўлены чалавечы чэрап (замерана да сярэдзіны чэрапа). Чэрап нахілены тварам на ўсход прыкладна пад кут 45°. Побач на гэтым жа ўзроўні амаль у сьценцы раскопу знойдзеныя яшчэ два чарапы: адзін ляжаў на баку, другі - павернуты ўніз. У патылічнай частцы ўсіх чарапоў круглыя адтуліны ад куляў. У адным - тры адтуліны. У самым паўночна-ўсходнім куце раскопу на гэтай жа глыбіні выяўлены чэрап, які ляжаў на цемені з задранай уверх сківіцай. На верхнім радзе зубоў некалькі каронак з жоўтага мэталу. Зьлева разьмешчаны яшчэ адзін чэрап, косьці пазванкоў, рэбры й некалькі локцевых касьцей. Арыентацыя па самым краі магільнай ямы з усходу на захад. 

У паўднёва-ўсходнім куце раскопу на глыбіні 1,45-1,50 м адкрыты вялікі кавалак скуры - фрагмэнт верхняй адзежы. У цэнтры магілы на глыбіні 1,8 і 1,9 м выяўлена некалькі экзэмпляраў абутку (галёшы, туфлі), якія разьмешчаны ў пяску без пасьлядоўнай сувязі з касьцямі. Абутак нібы “павіс” у пяшчаным запаўненьні ямы. Такая сытуацыя разьмеркаваньня фрагмэнтаў абутку, адзежы й касьцей (пальцы) у пласьце запаўненьня ямы магла скласьціся пры ўмове, калі магіла раней раскопвалася, рэшткі людзей былі паварушаныя ці выбраныя і пахаваньне зноў засыпана тым жа грунтам. 

Пасьля выбаркі грунту рыдлёўкамі пачата зачыстка пахавальнага пласта шуфлікамі й шчоткамі. Зачыстка выявіла наступную сытуацыю: чарапы пераважна разьмешчаны па краёх магільнай ямы на глыбіні 1,40-1,43 м (5 шт.), астатнія (4 шт.) - на глыбіні 1,90-2,10 м. Тут жа косьці і абутак. У цэнтры ямы пласт пахаваньня пераважна на глыбіні 2,10 м (ад 2,00 да 2,10 м). Чарапы ў цэнтры пласта на паверхні адсутнічаюць. Некаторыя экзэмпляры абутку, што былі ў запаўненьні ямы, пры зачыстцы пакінуты на пяшчаным грунце для фіксацыі. Розьніца заляганьня чалавечых рэшткаў па краёх ямы і ў цэнтры яе складае 70 см (паўночны, заходні і часткова ўсходні бок пахаваньня). Уздоўж паўднёвай сьценкі раскопу рэшткі пахаваных узвышаюцца над цэнтрам магілы на 30 см, прытым фрагмэнтарна, суцэльнай лініі няма. Па краёх магілы на ўзроўні 1,40-1,50 м захаваліся больш-менш поўна толькі касьцякі, зарыентаваныя ўздоўж сьценак ямы. Адзін касьцяк у паўночна-заходнім куце (чэрап якога разьмешчаны на глыбіні 1,43 м ад дзённай паверхні) таксама захаваўся больш-менш поўна дзякуючы падоўжанай арыентацыі ўздоўж сьценкі і як бы “паўсядзячаму” разьмяшчэньню (чэрап на 0,43 м вышэй за ўзровень тазавай часткі). Рэшткі забітых у верхнім пласьце ляжаць бессыстэмна, многія экзэмпляры абутку не зьвязаныя з касьцямі (фота 5). 

Пасьля зачысткі, абмераў і фіксацыі верхняй часткі пласта пахаваных зроблена выбарка чалавечых рэшткаў магілы супольна з мэдыкамі-экспэртамі. У ніжняй частцы пахаваньне звужалася. Памеры яго на ўзроўні ніжняга пласта пахаваных 2,74 х 2,02 м. Пры выбарцы пласта запаўненьня й пахаваньня ўвесь грунт уважліва перабіраўся рукамі і дасьледаваўся мэталашукальнікам. На глыбіні 2,35 м (месцамі 2,38 м) ад дзённай паверхні зробленая зачыстка мацерыка (жоўта-белы пясок). Упоперак дна раскопу пракапана кантрольная траншэя шырынёй і глыбінёй 0,6 м. Тут былі складзеныя і потым засыпаныя рэшткі пахаваных ды іхнага адзеньня, не забраныя на экспэртызу. 

Такім чынам, магутнасьць (таўшчыня) пласта пахаваньня ў цэнтры магілы складае 0,25-0,28 м, па краёх - 0,95-0,98 м. Форма пласта пахаваньня, выгляд яго паверхні, аналіз разьмяшчэньня касьцей і абутку паказвае на тое, што рэшткі пахаваных былі раней паварушаныя і выбраныя, асабліва ў цэнтральнай і паўднёвай частках магільнай ямы (мал. 9-11). 

III

У працэсе выбаркі пласта пахаваных выяўленая вялікая колькасьць скуранога й гумовага абутку (боты, туфлі, галёшы). Увесь абутак даволі прымітыўна зроблены. Ёсць самаробныя боты з выцяжкай суцэльнай халявы, туфлі са стаптанымі абцасамі, галёшы з маркіроўкай савецкіх фабрык “Красный богатырь", “Красный треугольник". На большасьці галёшаў пазначана дата - “1937″. 

З паўднёва-ўсходняга кута пахаваньня вынялі скураное паліто. Яно было складзена, а ўнутры яго знойдзены загорнутыя туфлі. Гэта рэчы, якія чалавек узяў з сабой у дарогу. Побач з гэтым палітом на глыбіні 1,45-1,50 м знойдзены карычневы плястмасавы грабеньчык з маркіроўкай “Моспластмасс ф-ка 4″. За 20 см убок ад грабеньчыка выяўлена зубная шчотка ў круглым зялёным плястмасавым футарале. Маркіроўка зубной шчоткі - «Арт. “Щеткагреб"». 

Каля ўсходняй сьценкі пахаваньня на глыбіні 2,10-2,15 м знойдзеныя чарапы з прыліплым жаночым грэбенем на патыліцы, тут жа на глыбіні 2,20 м - яшчэ адзін жаночы грэбень, а непадалёк на глыбіні 2,25-2,30 м выяўлены доўгія пасмы жаночых валасоў - сьветлыя і цёмныя. Тут жа былі дзьве палавінкі разламанага мужчынскага грабеньчыка. Маркіроўка яго: “НКЛП - БССР". Зь іншых прадметаў у пласьце пахаваных знойдзена яшчэ мыльніца, мэталічны выраб, падобны на гузік, і куля ад нагана. Сярод чалавечых рэшткаў знойдзеныя косьці птушкі (грудзінка), хутчэй за ўсё курыцы. Пэўна, рэшткі харчовых прыпасаў, узятых у дарогу. У пахавальным пласьце выяўлены 31 чалавечы чэрап. Колькасьць пахаваных па касьцёх на месцы не падлічвалася. 

IV. Высновы

На падставе археалягічных дасьледаваньняў пахаваньня № 3, назіраньняў за грунтам, аналізу пахавальнага пласта й знаходак у ім можна зрабіць наступныя высновы: 

- пахаваныя памерлі гвалтоўнай сьмерцю ад стрэлаў у галаву; 

- да правядзеньня нашых археалягічных раскопак пахаваньне раней ужо раскопвалася, і верхнія пласты касьцякоў былі выбраныя з магілы; 

- папярэдняя эксгумацыя была праведзеная неахайна, рэшткі нябожчыкаў засталіся па краёх і на дне пахаваньня; 

- тыя, хто непасрэдна рабіў эксгумацыю (раскопкі), відаць, не былі зацікаўленыя ў гэтай працы; 

- мяркуючы па маркіроўцы і датах на галёшах, пахаваньне ўзьнікла не раней 1937 году; 

- паколькі рэшткі адзеньня, абутак і знойдзеныя прадметы індывідуальнага карыстаньня ўсе савецкай вытворчасьці (у тым ліку БССР), можна зрабіць заключэньне, што ў магіле пахаваныя мясцовыя людзі; 

- пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва; 

- мяркуючы па невялікай колькасьці індывідуальных знаходак, прадметаў туалету, адсутнасьці кашалькоў, невысокай якасьці й катэгорыі абутку (шмат самаробных ботаў), сацыяльны ўзровень большасьці пахаваных быў невысокі (рабочыя, сяляне, вясковая інтэлігенцыя, магчыма, некаторыя - службоўцы); 

- сярод расстраляных былі жанчыны. 

Улічваючы, што ніжні пласт пахаваных меў магутнасьць (таўшчыню) у сярэднім 0,25 м і мяркуючы*, што магіла засыпалася зьверху пластом пяску таўшчынёй да 40 см, можна падлічыць верагодную колькасьць пластоў у пахаваньні - 7 і адзін няпоўны (20 см). Адсюль вынікае, што ў магіле № 3 магло быць пахавана ў сярэднім ад 217 да 240 нябожчыкаў (калі лічыць колькасьць пахаваных па чарапох, якіх знойдзена 31). Але звычайна лік чарапоў, як правіла, меншы за колькасьць пахаваных у пласьце, калі меркаваць па наяўнасьці вялікіх (сьцегнавых) касьцей. (Гэтае парушэньне суадносінаў - вынік папярэдняй эксгумацыі). Такім чынам, лічба пахаваных у магіле № 3 магла дасягаць 250 расстраляных. 

Раскопкі пахаваньня № 3 праводзіў археоляг З.Пазьняк. 

* (паводле аналягаў, сьведчаньняў і зыходзячы з аналізу іншых пахаваньняў). 

ШУРФ № 4 

Шурф № 4 (нумарацыя агульная з раскопамі) быў распрацаваны па-за паўднёвай мяжой тэрыторыі пахаваньняў за канавай (ровам), уздоўж якой, паводле сьведчаньняў відавочцаў, з 1937 да чэрвеня 1941 г. стаяў дашчаны плот. Было раскапана паглыбленьне няпэўнага характару (западзіна глыбінёй 0,40 м) з мэтай высьвятленьня яго ўтварэньня, а таксама магчымасьці існаваньня магілаў за межамі раней абгароджанай тэрыторыі. Шурф памерам 2,6 х 1 м зарыентаваны па лініі захад-усход. Прарэзка паглыбленьня выявіла, што да глыбіні 0,6-0,8 м (замеры ад двух краёў ямы) назіраецца запаўненьне грунтам шэрага й чорнага колеру з украпінамі вугольчыкаў. Яма падсьцілаецца вугольлем, попелам і чорным гумусам (мал. 12). Ніжэй гэтай праслойкі - мацерыковы шчыльны грунт (жоўта-чырвоны буйназярністы пясок). Ніякіх адносінаў да пахаваньня дасьледаванае паглыбленьне ня мае. Хутчэй за ўсё яно штучнага паходжаньня. Магчыма, зроблена пад вогнішча (мал. 12). 

Такім чынам распрацоўка шурфа № 4 не пацьвердзіла меркаваньне аб існаваньні магіл за межамі тэрыторыі расстрэлаў, (г.зн. за межамі таго ўчастка, які быў абгароджаны плотам). 


РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 5 

I

Пахаваньне вызначана па западзіне (глыбіня 0,65 м); зарыентавана па лініі поўнач-поўдзень. Па краёх западзіны расло некалькі дрэваў і кусты маліны. Дрэвы й кусты высякаліся. Паверхня пакрыта ігліцаю хвоі і елкі. 

II
Пачаткова распрацаваныя дзьве траншэі ўздоўж і ўпоперак пахаваньня (5,65 х 1 м; 4,40 х 1 м; фота 6). Траншэі закладзеныя, як і ўсюды, з мэтай высьвятленьня межаў магільнай ямы, стратыграфіі напластаваньняў і глыбіні заляганьня касьцей. У выніку распрацоўкі папярочнай траншэі выяўлена выразная карціна напластаваньняў і перакопак (мал. 14, профіль DE). Стратыграфія зоны, непасрэдна прылеглай да магільнай ямы (DF; GE), разьмяркоўваецца наступным чынам: 

1. Жоўты насыпны пясок - 0,20 м. 

2. Шэры лясны падзол - прыблізна 0,20 м (DF) і 0,25 м (GE), які паступова пераходзіць у падглебавы мацерыковы пласт (жоўты пясок). 

Насыпны пясок (1) быў выкінуты на край падчас выбаркі катлавану магілы. Лясны падзол шэрага колеру й мацерыковы пласт - некранутыя грунты прыроднага ўтварэньня. 

Непасрэдна па краёх магільнай западзіны (FH; JG) зафіксавана наступная стратыграфія: 

1. Двухпластовы насыпны пясок (FH), разьмежаваны тоненькай цёмнай праслойкай. Верхні пласт пяску утвораны ў выніку паўторнай раскопкі ямы (пры ранейшай эксгумацыі) і наступнай яе засыпкі. Ніжні пласт пяску - запаўненьне першапачатковай магільнай ямы. 

2. Ніжэй ідзе пласт пахаваньня з рэшткамі людзей. 

Аналягічная сытуацыя на ўсходнім канцы траншэі (JG) з той толькі розьніцай, што двухпластовы насыпны пясок разьдзелены тут больш выразнай праслойкай шэрага колеру таўшчынёй 3-4 см (месцамі да 7 см). 

У выніку стратыграфічнага аналізу вылучаныя вонкавая і ўнутраная ямы. Шырыня вонкавай па лініі D1-E1 - 3,40 м, унутранай - 2,85 м. 

Пасьля праходкі траншэямі ў заходнім баку раскопу ў сэктары FH на глыбіні 0,70 м выяўлены чалавечы чэрап, ніжэй - рэшткі пахаваных. Ля ўсходняй сьценкі раскопу ў сэктары JG рэшткі нябожчыкаў выяўленыя на глыбіні 1,10 м. Пасьля гэтага пачалася агульная выбарка грунту ў межах раскопу памерамі 4,95 х 3,60 м. На ўзроўні верхніх пунктаў пласта пахаваных выявіліся памеры магільнай ямы - 4,00 х 3,10 м. Яна мела ў пляне авальную форму і звужалася да мацерыка. Памеры ніжняй часткі магілы 3,40 м (уздоўж па цэнтральным сечыве пахавальнага пласта) на 2,30 м (упоперак за 20 см ад дна). 

У цэнтральнай частцы пахаваньня знаходкі прадметаў і рэшткі людзей зьявіліся на глыбіні 1,80 м ад гарызанталі дзённай паверхні DE. Такім чынам, розьніца ў глыбіні заляганьня касьцей паміж цэнтральнай часткай магілы і яе краямі складае 1,10 м. 

Верхні пласт пахаваных (фота 7, 9) быў зачышчаны садовымі шуфлікамі, нажамі й шчоткамі. Пасьля зачысткі выразна стала відаць лейкападобная форма пахавальнага пласта (выбарка касьцей у цэнтры, фота 8). Гэты пласт быў намі зафіксаваны, абмераны й паступова разабраны да глыбіні 2,30 м. Магутнасьць (таўшчыня) пахавальнага пласта ў цэнтры магілы складала 0,50 м. Пасьля поўнай выбаркі магілы й зачысткі мацерыка ўпоперак дна раскопу была выкапаная кантрольная траншэя шырынёй 0,5 м і глыбінёй 0,6 м. 

Поўная распрацоўка й дасьледаваньне пахаваньня далі магчымасьць зрабіць падоўжаны й папярочны разрэз раскопу па лініі траншэяў. У папярочным найбольш выразным разрэзе (мал. 14) відаць межы й запаўненьні дзьвюх ямаў, нібы “ўстаўленых” адна ў адну. Першая, большая яма з рэшткамі пахаваных абмежаваная вонкаваю лініяй Z-K3-Z1, другая, меншая, - унутранай лініяй F-K2-G і запоўненая пяском. У разрэзе выразна чытаецца неахайны характар папярэдняй эксгумацыі: унутраная яма меншая памерам за магілу, пракапана найбольш у цэнтры, пласт пахаваных выбраны не да канца (мал. 13-15). 

Можна зрабіць дапушчэньне, што тыя, хто непасрэдна рабіў эксгумацыю (выбіраў касьцякі), ня быў зацікаўлены ў гэтай працы. Акрамя таго, неахайная работа суправаджалася хутчэй за ўсё і неахайным мэтадам яе вядзеньня, без зачысткі касьцей ад грунту. У такім выпадку пясок пастаянна прысутнічае ў яме, абсыпаецца на ніз і намнажаецца, праца вядзецца нібы ўсьляпую. Працуючы такім чынам, выбраць чыста пласт пахаваных складана нават пры жаданьні. 

III

У паўднёва-ўсходнім куце раскопу ў межах пахаваньня адшукана больш за 80 аднатыповых гільзаў ад нагана. Гільзы зьявіліся на глыбіні 0,92-1,10 м і трапляліся да мацерыковага ўзроўню ямы (у гэтым месцы да 2,15 м). Большасьць іх знойдзена ў межах глыбіняў 1,45-1,60 м, адна - пры капаньні прыступак па-за межамі магілы ў насыпным пяску, што ляжаў пад ігліцай каля раскопу, глыбіня 0,15 м (згубленая падчас расстрэлу?). 

У паўднёвай частцы пахаваньня прасочваецца цэлы касьцяк, які ляжаў уздоўж сьценкі на левым баку; чэрап таксама на баку. Адтуліна ад кулі - справа, выхад насупраць - зьлева. 

Абутак пераважна аднатыповы: добра пашыты, халявы высокія, звужаныя, насок абшыты, падэшвы вузкія. Знойдзены высокія боты з адваротамі. На халявах некаторых ботаў дзіркі з мэталёвай акантоўкай пад матузкі. Радзей трапляліся галёшы. На ўсіх галёшах клеймы з лацінскімі літарамі. Выяўленыя 8 экзэмпляраў жаночага абутку. Гэта туфлі на высокім абцасе з клеймамі, дзе праглядаюцца лацінскія літары. Трапілася пара скуранога абутку накшталт шкарпэтак, якія ляжалі складзенымі і ў нешта загортваліся (відаць, бралі з сабой). Грабеньчыкі плястмасавыя, пераважна мужчынскія (адзін жаночы). Клеймы зь літарамі лацінскага альфабэту ("KING HALI FAX GARANTIE", “DURABIT - GARANTIE", “PATRIA"). Некалькі грабеньчыкаў у плястмасавых футаралах. Знойдзена параўнаўча вялікая колькасьць зубных шчотак, некаторыя зь іх у футаралах, на дзьвюх - савецкае кляймо, на астатніх - надпісы літарамі лацінскага альфабэту. Трапляліся мыльніцы, круглая плястмасавая каробка для зубнога парашку (?), кубкі. На адным эмаляваным кубку чытаецца кляймо “Made in Poland". Пры засыпцы пахаваньня знойдзена лязовая частка брытвы. 

Часта трапляліся рэшткі скураной вопраткі. Сярод кавалкаў скуранога паліта (?) адшуканыя зубная шчотка й акуляры. Вельмі шмат знаходак можна клясыфікаваць як рэшткі штучных тканін, што не сустракаліся ў іншых магілах. 

Вельмі часта знаходзілі акуляры. Некаторыя зь іх разьмяшчаліся ў раскопе непасрэдна на чарапох ці каля чарапоў (фота 10). Пэўная частка такой катэгорыі знаходак была ў футаралах. Разам знойдзены акуляры і манокль (у футарале?). Вылучаецца адно пэнснэ, акуляры зь цёмнымі шкельцамі. 

Асноўная частка кашалькоў, партманэтаў знойдзена пустымі (астатнія не раскрываліся). У адным партманэце відаць рэшткі папяровых грошай, у другім - папярос. Акрамя таго, заўважаецца адно кляймо з надпісам лацінскімі літарамі ("…MAN"). 

Знойдзены пластмасавыя муштукі, шкляная ўпакоўка (ампула) з рэшткамі лекаў (?), закаркаваная закруткай, карабкі з рэшткамі запалак, гузікі. Сярод апошніх шмат фігурных, з рэльефнымі выявамі, надпісамі. Знойдзены 2 пары скураных пальчатак. Яны хутчэй за ўсё ляжалі ў кішэні, бо складзены і парныя. 

Вялікую цікавасьць уяўляюць мэдальёны. Адзін мэдальён з ланцужком. На двух праглядаецца выява Маці Боскай (?), на трэцім - фігура сьвятога ў промнях, манаграма зь літарай “M” і крыжам, надпісам лацінскімі літарамі. 

Адшуканыя рэшткі двух караценькіх завостраных алоўкаў, 3 шлюбныя пярсьцёнкі з жоўтага мэталу. Адзін зь іх, магчыма, жаночы (малых памераў, знойдзены ў паўночна-заходнім куце, дзе часьцей сустракаліся рэшткі жаночага абутку). На адным такім пярсьцёнку кляймо “7?? M” і гравіроўка “R. O. 1935″ (дата ўзяцьця шлюбу?). 

Паводле папярэдняга заключэньня мэдыкаў, у межах пахаваньня знойдзеныя рэшткі сьцегнавых касьцей ад 107 чалавечых асобін. Акрамя таго, знойдзена 87 чарапоў (несупадзеньне гэтых лічбаў - сьведчаньне праведзенай раней эксгумацыі, фота 14). На цэлых чарапох відаць скразныя кулявыя адтуліны (збоку й на патыліцы, фота 11-13). Вызначана некалькі жаночых чарапоў. Параўнальна вялікая колькасьць чарапоў знойдзена з мэталёвымі каронкамі (жоўты й белы мэтал). Пападаліся зубныя пратэзы. Прасочваецца паслойнае заляганне рэшткаў людзей, дзе ад верхняга ўзроўню зачысткі да 1,80 м сабраныя косьці ад 37-39 асобін, на глыбіні 1,80-2,00 м - ад 50-52 асобін і ў межах ніжняга пласта 2,00-2,30 м - ад 16 чалавек (падлікі па сьцегнавых касьцях). У прыдоннай частцы магілы назіраецца моцная спрасаванасьць рэшткаў. 

Маючы на ўвазе вышэйпрыведзеныя назіраньні, а таксама ўлічваючы дадзеныя магіл № 2,3,6,8*, можна меркаваць, што на пласт у 0,20 м прыходзілася прыблізна каля 30 пахаваных. Адсюль вынікае, што ў межах магілы № 5 было пахавана каля 250-260 чалавек. 


IV. Высновы

На падставе праведзеных раскопак пахаваньня № 5 можна зрабіць наступныя высновы: 

- пахаваныя расстраляны ў галаву; 

- сярод пахаваных былі жанчыны; 

- згодна з назіраньнямі за стратыграфіяй раскопу, характарам, формай і заляганьнем верхняга зачышчанага пласта пахаваных, несупадзеньнем колькасьці сьцегнавых касьцей і чарапоў, у межах магілы рабілася раней эксгумацыя; эксгумацыя была праведзена неахайна і не да канца; 

- пахаваныя, безумоўна, - выхадцы з заходніх раёнаў СССР. Магчыма, гэта прадстаўнікі інтэлігенцыі з Заходняй Беларусі ці Прыбалтыкі. Пра гэта сьведчыць наступнае: замежныя клеймы на абутку ды іншых рэчах (у тым ліку польскія), вялікая колькасьць акуляраў (у тым ліку пэнснэ, манокль, акуляры зь цёмнымі шкельцамі), алоўкі, каталіцкія мэдальёны з выявай Маці Боскай, высакаякасны фабрычны абутак, параўнаўча вялікая колькасьць мэталёвых каронак, зубныя пратэзы, скураное адзеньне, адзеньне са штучных тканін, вялікая колькасьць туалетных прыналежнасьцяў, муштукоў і г.д.; 

- расстрэл праводзіўся не раней за 1935 г. (дата на пярсьцёнку). Але, улічваючы тое, што знойдзеныя рэчы маглі належаць выхадцам з Заходняй Беларусі ці Прыбалтыкі, дык больш верагодная дата пахаваньня - 1939-1940 гг., гэта значыць час пасьля вяртаньня Заходняй Беларусі і далучэньня прыбалтыйскіх краін да СССР; 

- людзям давалася магчымасьць сабрацца ў дарогу. Частка рэчаў бралася з сабою ў разьліку на працяглы час жыцьця па-за домам (прыналежнасьці туалету, у тым ліку мыльніцы, зубныя шчоткі, грабеньчыкі, зубны парашок, брытва, складзеныя шкарпэткі й пальчаткі, кубкі ды інш.); 

- у магіле № 5 магло быць пахавана ў сярэднім 250-260 чалавек. 

Пасьля дасьледаваньня рэшткі пахаваных, не забраныя для экспэртызы, закладзены ў кантрольную траншэю на дне магілы і засыпаны. 

Раскопкі пахаваньня № 5 праведзены археолягамі М.Крывальцэвічам і З.Пазьняком. 

* У магіле № 1 шмат аб’ёму займала скураное адзеньне. Пахаваньне № 1 вызначана як “зімовае". 


РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 6 

I

Месца пахаваньня вызначана на мясцовасьці па западзіне глыбінёй да 0,2 м, паверхня якой пакрыта ігліцаю, сухім лісьцем, рэдкай травою. Бліжэйшыя дрэвы разьмешчаны за 1-3 м ад западзіны. Пахаваньне зарыентаванае на ўсход-паўднёвы ўсход. 

II

Для вызначэньня парамэтраў пахаваньня закладзеныя 2 траншэі (шурфы; уздоўж і ўпоперак) - 1 х 3 м і 1 х 3,90 м. Стратыграфія верхняй часткі шурфоў: 

1. Тонкі пласт апалай ігліцы і лістоў (да 0,05 м). 

2. Жоўты буйназярністы пясок з галькаю - пласт, які ўтварыўся ў выніку выкідаў мацерыковага пяску (выбарка катлавану магільнай ямы) - 0,10-0,15 м. 

3. Падзол шэрага колеру (верхняя мяжа дзённай паверхні да пачатковага капаньня магілы) - 0,10-0,15 м. Падзол прасочваецца па краёх шурфоў на працягласьці 0,2-0,4 м, пад ім - мацерыковы цьвёрды шчыльны галечны пясок. 

Запаўненьне ямы - аднастайны рыхлы жоўты галечны пясок. Розьніца ў шчыльнасьці паміж гэтымі грунтамі вельмі адчувальная. Такім чынам, межы разарванага пласта шэрага падзолу акрэсьліваюць катлаван магільнай ямы. Яе контуры вызначаны ў выніку аналізу стратыграфіі верхніх пластоў траншэяў, а таксама па адрозьненьні ў шчыльнасьці грунту запаўненьня й грунту бакавых сьценак пахаваньня. Памеры магілы ў верхняй частцы 3,50 х 2,30 м. 

На глыбіні 1,40-1,60 м ад дзённай паверхні па краёх пахавальнай ямы ў траншэях зьявіліся рэшткі пахаваных - косьці, фрагмэнты адзеньня й абутку. Па выяўленых контурах магілы быў закладзены раскоп 2,30 х 3,50 м, пласт выбраны да ўзроўню рэшткаў пахаваных. Праведзена зачыстка. Узровень пласта пахаваных па краёх ямы вышэйшы на 0,15-0,20 м за цэнтральную частку (мал. 16-18). 

Пры зачыстцы пласта пахаваных выяўлена 7 чарапоў, некалькі параў абутку (боты, галёшы), косьці, фрагмэнты тканіны й скуранога адзеньня. У сківіцах некаторых чарапоў былі каронкі з жоўтага мэталу. 

Сярод рэчавых знаходак на паверхні пласта пахаваных былі тры зубныя шчоткі, грабеньчык, кубак (глыбіня 1,59-1,64 м). У заходнім куце раскопу пры зачыстцы знойдзена 6 гільзаў, 2 зь іх добра захаваліся, выкарыстоўваліся ў рэвальвэры сыстэмы “Наган". Астатнія гільзы моцна каразаваныя. 

Пасьля зачысткі пачалася выбарка пласта пахаваных да мацерыка. Магутнасьць пласта па краёх ямы да 0,4 м, у нутраной частцы - 0,2 м. Пасьля выбаркі праведзена зачыстка мацерыка. Яго глыбіня - 1,85-2,00 м ад дзённай паверхні (замеры рабіліся з розных канцоў раскопу). Мацярык уяўляе сабою цьвёрды, шчыльны, зьляжалы галечны пясок з уключэньнямі вельмі шчыльнага суглінку шэрага колеру. У ніжняй частцы пахавальная яма звужалася. Памеры дна 1,90 х 3,10 м. 

Пасьля зачысткі мацерыка ўпоперак ямы закладзена кантрольная траншэя (шырыня 0,8 м, глыбіня 0,4 м). У ёй пасьля агляду, рэгістрацыі й адбору для экспэртызы найбольш характэрнага матэрыялу былі закапаныя косьці, рэшткі адзеньня й абутку пахаваных. 

III

Пры выбарцы пласта пахаваных выяўлена вялікая колькасьць касьцявых рэшткаў, скуранога й тканіннага адзеньня, абутку (боты, чаравікі, галёшы). Колькасны ўлік праведзены толькі па асобных катэгорыях знаходак (чарапы, буйныя косьці, індывідуальныя знаходкі, кулі, гільзы і г.д.). 

Усяго ў магіле знойдзена 35 чарапоў, большая частка якіх захавалася дрэнна і прадстаўлена фрагмэнтамі. Ва ўсіх цэлых чарапох і некаторых пашкоджаных былі кулявыя адтуліны ў цемі, патыліцы і ў скроневай частцы. У 2 чарапох - па 2 кулявыя адтуліны. 

Падлічана колькасьць сьцегнавых костак. Усяго было 36 параў, г.зн. колькасьць, вызначаная па сьцегнавых костках, перавышае колькасьць, вызначаную па чарапох, на 1. Трэба адзначыць, што многія чарапы ў пахаваньні прадстаўлены толькі невялікімі фрагмэнтамі, у той час як захаванасьць сьцегнавых костак добрая. Адсюль несупадзеньне колькасьці чарапоў і параў сьцегнавых костак папраўдзе больш значнае. Усё гэта сьведчыць, што пахаваньне было эксгумавана яшчэ да нашых раскопак. 

Сярод абутку фіксаваліся пераважна экзэмпляры з чытэльнаю маркіроўкай. Такіх знаходак больш за 10. Сярод іх галёшы з надпісамі на падэшве: “RYGAWAR", “GENTLMAN", “Made in Poland", “PEFE…". 

Знойдзена 8 гільзаў у раскопе, 2 у адвалах грунту. Добра захаваліся 5 гільзаў (4 ад рэвальвэра “Наган", 1 ад пісталета “ТТ"). 

У раскопе адшуканыя таксама: 4 зубныя шчоткі, 4 грабеньчыкі, 3 кубкі, 1 акуляры, 2 муштукі, 1 кашалёк, 1 мыльніца. На зубных шчотках надпісы: “ВИТЩЕ …ОМБИНА…", “MARQUE PEPOSEE BO-BO", “FKC", “NON-PLUS-ULTRA"; на грабеньчыках: “DURABIT", “DURABIT - GARANTIE", “KING HALIFAX - GARANTIE"; на кубках: “WARSZAWA WU…", “BING 17″. 

IV. Высновы

На падставе раскопак можна зрабіць наступныя папярэднія высновы: 

- пахаваныя памерлі ў выніку стрэлаў у галаву з рэвальвэра сыстэмы “Наган” і пісталета “ТТ"; 

- да правядзеньня археалягічных раскопак пахаваньне было часткова эксгумавана; 

- на падставе знаходак можна зрабіць выснову, што сярод пахаваных былі выхадцы з раёнаў Прыбалтыкі і з Заходняй Беларусі. Значыць, пахаваньне зьявілася не раней верасьня 1939-1940 гг.; 

- з 35 чарапоў было выбрана 10 адносна цэлых, добрай захаванасьці. Сярод іх мэдыкам-экспэртам было вызначана 8 жаночых. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць заключэньне, што ў магіле № 6 было пахавана шмат жанчын; 

- той факт, што рэшткі людзей выяўлены на глыбіні 2,00 м у надзвычай цьвёрдым грунце, і тое, што пры зачыстцы пласта пахаваных не было вялікіх перападаў глыбіняў у цэнтры і па краёх, сьведчыць, што пахаваньне раней эксгумавалася ў памерах пачатковай магільнай ямы. Супадзеньню межаў магілы і першай эксгумацыі спрыяла вялікая розьніца па шчыльнасьці паміж пяском запаўненьня й мацерыковым грунтам у сьценках пахаваньня. Контуры яе лёгка вызначаліся ў працэсе раскопкі; 

- у межах выбранага пласта пахаваных (магутнасьць 0,2 м) зафіксаваныя рэшткі ад 36 асобін. Калі ўлічыць, што забітых засыпалі зьверху пяском магутнасьцю да 40-45 см, то на астатняй глыбіні магло зьмясьціцца 7 пластоў па 0,2 м. Такім чынам, у межах 7 пластоў, верагодна, ляжала каля 250 забітых. 

Распрацоўку й дасьледаваньне раскопу (пахаваньня) № 6 зрабілі археолягі А.Іоў і З.Пазьняк. 



РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 8

I

Пахаваньне вызначана па западзіне, характэрнай для ўсіх магіл у Курапатах. Западзіна № 8 глыбінёй 0,52 м. Паверхня правалу пакрытая хваёвым і яловым шыльнікам, парослая рэдкімі сьцябламі малін. У западзіне валялася некалькі ржавых кансэрвавых бляшанак, абрыўкі поліэтылену, іншае сьмецьце. Вакол растуць дрэвы - хвоі і елкі. Пахаваньне зарыентавана доўгім бокам па лініі поўдзень-поўнач зь невялікім зьмяшчэньнем ад восі на ўсход-захад. 

II

Раскопкі магілы пачаліся з распрацоўкі перакрыжаваных траншэяў упоперак і ўздоўж пахаваньня. Памеры траншэяў: 1,00 х 4,30 м і 1,00 х 3,60 м. Адразу пасьля зьняцьця верхняй праслойкі з шыльнікам пайшоў жоўты пясок. Траншэі былі пракапаныя на глыбіню 1,00-1,10 м. На гэтым узроўні ў пласьце пяску выяўлены дробныя рэшткі арганічнага рэчыва. На глыбіні 1,12 м паказаліся падэшвы ботаў. Ва ўсходнім канцы папярочнай траншэі на профілях выразна відаць стратыграфія пластоў і вэртыкальны контур (мяжа) магільнай ямы (мал. 20). Спачатку ад паверхні да глыбіні 0,10 м ідзе пласт насыпнога пяску, які быў выкінуты наверх пры капаньні магілы. Потым ідзе 10-сантымэтровы пласт шэрага ляснога падзолу - гэта дзённая паверхня зямлі да ўзьнікненьня пахаваньня. Пад ім з глыбіні 0,20 м пачынаецца жоўты мацерыковы пясок. Контур магілы - шэрая выразная лінія - пачынаецца ад верхняй мяжы падзолу і апускаецца ўніз. На іншых профілях лінія перакопу вельмі невыразная, амаль нябачная. Розьніца грунтоў назіраецца толькі пры надзвычай уважлівым разглядзе. Таму, каб пазьбегнуць верагодных памылак, вырашана было распрацаваць раскоп, большы памерам за пахаваньне, асабліва ў паўднёвым кірунку, дзе розьніца ў грунтох ледзь праглядалася па пахілай лініі. Відаць, тут контур пахаваньня быў зьнішчаны ў час даўняй эксгумацыі магілы вельмі неахайным капаньнем бяз рэзкай мяжы ямы. Тады пры засыпцы тым самым грунтам рэзкі контур (асабліва пры блізкай шчыльнасьці грунтоў) не ўзьнікае, хоць і выяўляецца розьніца ў профілі паміж засыпкай і некранутым пяском. Падоўжны разрэз раскопу (мал. 21) ілюструе гэтае меркаваньне. Несупадзеньне ямы папярэдняй эксгумацыі і катлавану магілы адбылося ў гэтым месцы толькі на глыбіні каля 1,70 м, калі раскопка магілы завяршалася і яму пачалі звужаць, пакінуўшы па краёх рэшткі пахаваных. На процілеглым паўночным канцы звужэньне ямы папярэдняй эксгумацыі пачалося з глыбіні 1,20 м. 

Аналягічная, яшчэ выразьнейшая сітуацыя відаць у папярочным разрэзе раскопу (мал. 20). Звужэньне ямы эксгумацыі пэчалося тут з узроўню 1,00 м ад цяперашняй дзённай паверхні. Тымчасам карціна ў заходнім баку раскопу такая самая, як і ў паўднёвым: звужэньне другой ямы пачалося амаль на той жа глыбіні, бліжэй да дна. 

Раскоп быў распрацаваны рыдлёўкамі ў межах 4,30 х 3,20 м (верхні ўзровень). Памеры ніжняга ўзроўню 4,00 х 2,80 м. Пачынаючы з глыбіні 0,90 м у пяску пачалі трапляцца страляныя гільзы ад савецкага нагана. Па ўсёй глыбіні паўночна-заходняй паловы пахаваньня амаль да самага мацерыка знойдзена больш за 50 гільзаў, прычым чатыры зь іх знойдзены сярод рэшткаў пласта пахаваных на глыбіні каля 2,20 м. 

Рэшткі пласта пахаваных (абутак, сатлелае адзеньне, косьці, чарапы) выяўлены па краёх магілы на глыбіні 1,12 м (фрагмэнты спарахнелага арганічнага рэчыва - з адзнакі 1,00 м). У цэнтры пахаваньня - пласт нябожчыкаў на ўзроўні 2,10 м. Такім чынам, розьніца ўзроўняў у цэнтры і па краёх (глыбіня выбаркі касьцей пры ранейшай эксгумацыі) складае ў сярэднім 1 м. 

Пасьля выбаркі грунту запаўненьня, які быў уважліва перабраны рукамі, пачалася зачыстка рэшткаў пласта пахаваньня шуфлікамі й шчоткамі. Павялічаныя памеры раскопу № 8 далі магчымасьць больш наглядна назіраць разьмяшчэньне рэшткаў пласта пахаваных у магіле, яе арыентацыю, контуры пахаваньня, паніжэньне ў цэнтры, узвышэньні па краёх (мал. 19). Пасьля абмераў і фіксацыі рэшткі пласта пахаваных былі разабраны. Таўшчыня пласта нябожчыкаў у цэнтры складала ў сярэднім 0,20-0,25 м. Пасьля зачысткі дна быў аголены мацерыковы грунт - жоўты з чырвонымі пражылкамі пясок у паўночнай частцы; у паўднёвым баку пахаваньня - праслойка сіняватага пяску з галькай. 

Пасьля заканчэньня дасьледаваньняў упоперак дна магільнай ямы была выкапана траншэя шырынёй 0,6 м і глыбінёй 0,7 м. У яе былі складзены і засыпаны косьці, чарапы, абутак - рэшткі, не забраныя на экспэртызу. 

III

Пры зачыстцы рэшткаў пласта пахаваных у розных частках магілы былі выяўленыя рэчы індывідуальнага карыстаньня, фрагмэнты адзеньня, абутак. Прадметы пасьля зачысткі пакінутыя на месцах, зафіксаваныя й нанесеныя на плян (мал. 19). Толькі разьмяшчэньне наганных гільзаў дадзена ў праекцыі (г.зн. спраектавана на плян з усяго запаўненьня магільнай ямы). На паверхні пласта пахаваных знойдзеныя два эмаляваныя кубачкі (ёмістасьцю прыблізна 0,4 і 0,2 літра). На донцах кубкаў эмблема - імбрык. На адным - маркіроўка “9 с/м", на другім надпіс “Warszawa". У паўночным канцы пахаваньня выяўлена мэталёвая эмаляваная місачка, звонку пакрытая яркай сіняй эмаллю. На донцы такая ж эмблема - імбрык і надпіс: “20 см” (фота 16-17). 

У пласьце знойдзена больш за два дзясяткі гузікаў ад мужчынскага й жаночага адзеньня, вопраткі, кашуляў, бялізны. Выяўлены два мужчынскія і рабеньчыкі і адзін скураны футарал ад грабеньчыка. Пры разборцы пласта пахаваных знойдзены чатыры кашалькі, у некаторых ёсьць манэты (кашалькі на месцы не адкрывалі, каб не пашкодзіць; яны перададзены экспэртам-крыміналістам). 

Выяўлена некалькі фрагмэнтаў скуранога верхняга адзеньня. У паўночна-ўсходнім куце пахаваньня знойдзена скураная куртка, падобная ці то на паўпаліто, ці то на доўгі пінжак. Адзежа адносна добра захавалася. Крыміналістамі забраная на экспэртызу бакавая кішэнь ад гэтай вопраткі. 

Як і ў астатніх магілах, у пахаваньні № 8 знойдзена шмат скуранога й гумовага абутку (боты, чаравікі, туфлі, галёшы). Ёсьць некалькі экзэмпляраў жаночага абутку (гумовік на туфлі ды інш.). Маркіроўка на галёшах пераважна лацінскімі літарамі: “Rygawar", “Rekord” і інш.; тут жа надпісы: “Poland", “Made in Poland". Побач з гэтымі галёшамі ёсьць экзэмпляры з маркіроўкай фабрыкі “Красный треугольник” і датай “1939″. Побач з ботамі й чаравікамі знойдзены экзэмпляр скуранога лапця (так званыя “пасталы", пашыраныя да вайны сярод бяднейшых сялян у Заходняй Беларусі). 

Косьці ў рэштках гэтага пахаваньня перамяшаныя, пласт нябожчыкаў шчыльны (фота 15). Чарапы разьмешчаныя, як і ў іншых раскопах, пераважна па краёх пласта магільнай ямы і на больш высокім узроўні. Такая сытуацыя з разьмяшчэньнем чарапоў склалася ў выніку неахайнай выбаркі касьцей пры першай эксгумацыі. У сківіцах некаторых чарапоў выяўленыя каронкі з жоўтага мэталу і адзін зубны пратэз. Пасьля падлікаў у рэштках пахавальнага пласта выяўленыя 52 нябожчыкі па сьцегнавых касьцях і 50 чарапоў (фота 23). Несупадзеньне касьцей - вынік даўняй эксгумацыі. Аналіз цэлых, найлепш захаваных чарапоў дазволіў мэдыкам зрабіць папярэдняе заключэньне аб прыналежнасьці 7 зь іх да жаночага полу (фота 24). Большасьць чарапоў захавалася кепска, некаторыя здэфармаваныя пад ціскам пласта. У чарапох скразныя адтуліны ад куляў пераважна ў патылічнай частцы. 

IV. Высновы

Археалягічны аналіз раскопак пахаваньня № 8, стратыграфіі, пласта пахаваных, характару, разьмяшчэньня і намэнклятуры знаходак дазваляе зрабіць наступныя высновы: 

- пахаваныя памерлі гвалтоўнай сьмерцю ад стрэлаў у галаву; 

- наяўнасьць, як і ў іншых раскапаных магілах, вялікай колькасьці наганных гільзаў, супадзеньне дыямэтру гільзаў з адтулінамі на чарапох дазваляе меркаваць, што пахаваныя былі застрэлены з савецкага рэвальвэра сістэмы “Наган"; 

- пахаваньне ўзьнікла не раней за 1939 год (дата на галёшы); 

- мяркуючы па рэштках адзеньня, па абутку й прадметах індывідуальнага карыстаньня, пахаваныя - выхадцы зь вернутых абшараў Заходняй Беларусі; 

- сацыяльны ўзровень большасьці пахаваных быў невысокі (адсутнасьць сярод знаходак прадметаў туалету, сьціплы посуд, адсутнасьць акуляраў, даволі просты абутак, сярод якога пасталы й галёшы); 

- сярод забітых былі жанчыны; 

- пахаваньне раней раскопвалася, косьці нябожчыкаў выбраныя да глыбіні 2,10 м у цэнтры магілы; 

- эксгумацыя была праведзена неахайна. Тыя, хто непасрэдна рабіў даўнюю эксгумацыю (раскопкі й выбарку касьцей), ня быў асабіста зацікаўлены ў рабоце. 

Археалягічнае дасьледаваньне пахаваньня № 8 праведзена археолягам З.Пазьняком. 


ПОШУКІ НЕЭКСГУМАВАНЫХ ПАХАВАНЬНЯЎ 

Пошукі некранутых магілаў зыходзілі з адвольнага дапушчэньня пра іх існаваньне. Была сумнеўная верагоднасьць, што пры ранейшай эксгумацыі некаторыя пахаваньні маглі застацца некранутыя. Расшуканьне такіх верагодных магілаў - занятак практычна беспэрспэктыўны, паколькі няма аніякіх прыкметаў, якія б пазначалі іх на паверхні. Тым ня менш была дасьледавана лагчына ў паўночна-ўсходняй зоне Курапатаў, разьмешчаная за 33 м ад дарогі Калодзішчы-Заслаўе. Пошукі ў гэтым месцы грунтаваліся на зьвестках жыхара вёскі Цна-Ёдкава Карповіча М.В. (69 гадоў), які паведаміў, што ў 1937 г. бачыў на гэтай тэрыторыі агульнае пахаваньне расстраляных (яшчэ не засыпаную, напоўненую трупамі магілу). Дакладнага знаходжаньня магілы М.В.Карповіч ня памятае. 

Мясьціна, паказаная М.В.Карповічам, была перакапаная (фота 26) уручную перакрыжаванымі траншэямі 1 х 20 м і 1 х 15 м (мал. 1) на глыбіню ад 0,30 да 1,50 м. Характар грунту й стратыграфія верхняга пласта (суцэльны лясны чарназём, характэрны для паніжанай мясьціны), адсутнасьць нават мінімальных сьлядоў перакопаў - усё сьведчыць, што пахаваньне тут не рабілася. Тым ня менш ва ўсіх чатырох сэктарах перакрыжаванай траншэямі зоны (мал. 1) былі зробленыя дадатковыя пракопкі на глыбіню ад 1,80 м да 2,00 м і даўжынёй 3-4 м. На поўнач ад лясной сьцяжынкі, што агінае лагчыну з паўночнага боку, былі пракапаныя ручным спосабам яшчэ дзьве траншэі 1 х 4 м, глыбінёй ад 0,7 да 1,5 м. Аднак пахаваньня выявіць не ўдалося. 

Верагодна, М.В.Карповіч праз 51 год пасьля падзеяў не зарыентаваўся ў новай сытуацыі на мясцовасьці. (На гэтым месцы ўжо вырас новы лес, падвышана і расшырана былая гравійная дарога Калодзішчы-Заслаўе ды інш.).


ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ 

Падсумоўка зьвестак, здабытых у час археалягічнага дасьледаваньня й эксгумацыі пахаваньняў ва ўрочышчы Курапаты, дазваляе высьветліць агульныя факты й заканамернасьці: 

- пахаваньні ўзьніклі ў другой палове 1930-х гадоў. Канкрэтна - не раней за 1937 г. (магілы № 1-3), не раней за 1939 г. (магіла № 8). Мяркуючы па знаходках, не раней за 1939 г. зьявіліся таксама пахаваньні № 5-6; 

- удалося прасачыць дынаміку й храналёгію зьяўленьня пахаваньняў. Тэрыторыя расстрэлаў запаўнялася магіламі з усходу на захад. Магіла № 3, якая ўзьнікла не раней за 1937 г., зьяўляецца крайнім пахаваньнем з усходняга боку Курапатаў. За 90 м ад яе на захад разьмешчаныя магілы № 1-2, а таксама пахаваньне, раскапанае археолягамі (З.Пазьняк) 5 траўня 1988 г. Усе гэтыя пахаваньні датуюцца тым самым часам, што і пахаваньне № 3, вылучаюцца той жа намэнклятурай і характарам знаходак (усе савецкай вытворчасьці; даты на галёшах “1937″, “1938″ - раскоп 5 траўня. Далей, за 75 м на паўночны захад, дасьледавана пахаваньне № 8 з рэчамі савецкай і польскай вытворчасьці, якое ўзьнікла не раней за 1939 г. (дата на галёшы), хутчэй за ўсё, пасьля вяртаньня Заходняй Беларусі. Яшчэ далей, прыблізна за 150-170 м на захад ад пахаваньняў № 1-2, у час пракопкі газавай траншэі (красавік 1988 г.) выяўленая магіла з датамі на абутку - “1939″. Тут акрамя галёшаў з маркіроўкай савецкіх фабрык выяўленыя два экзэмпляры абутку з надпісамі па-латыску: “Riga” “1939″ (гумовы галёш) і “KVADRATS” “Riga” “41″ (скураны туфель). На паўднёвы захад ад гэтага месца прыблізна за 50 і 70 м ад газавай траншэі разьмешчаны дасьледаваныя намі пахаваньні № 5-6, дзе большасьць абутку з маркіроўкай, як у магіле № 8. 

Такім чынам, ва ўсходняй частцы тэрыторыі расстрэлаў разьмешчаны пахаваньні, што ўзьніклі не раней за 1937 г., у заходняй і паўднёва-заходняй частках - тыя, што зьявіліся не раней за 1939 г.; 

- людзі ва ўсіх пахаваньнях былі забітыя стрэламі ў галаву (у асноўным у патыліцу) з савецкага рэвальвэра сыстэмы “Наган"; 

- усе пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва; 

- характар і намэнклятура знойдзеных рэчаў сьведчыць, што пахаваныя зьбіраліся ў далёкую дарогу і родны дом яны пакінулі незадоўга да сьмерці. Гэта наводзіць на думку, што людзі былі расстраляныя без суда, яны не адбывалі працяглага зьняволеньня; 

- пахаваныя ў розных магілах характарызуюцца розным бытавым узроўнем, паходзяць з розных мясьцін Беларусі (магчыма, ёсьць выхадцы з краін Прыбалтыкі); 

- мяркуючы па абутку, рэштках адзеньня й прадметах індывідуальнага карыстаньня, большасьць пахаваных (акрамя магілы № 5) належалі да ніжэйшых дэмакратычных пластоў насельніцтва (рабочыя, сяляне, дробныя службоўцы, вясковая інтэлігенцыя); 

- сярод расстраляных былі жанчыны; 

- усе раскапаныя намі магілы, у якіх выяўлены рэшткі нябожчыкаў, раней паддаваліся эксгумацыі й выбарцы пласта пахаваных; 

- ва ўсіх дасьледаваных пахаваньнях ранейшая эксгумацыя была праведзена неахайна; косьці выбраныя пераважна ў цэнтры да глыбіні 1,80-2,10 м ад гарызанталі дзённай паверхні. Тымчасам сапраўдная глыбіня магільных ямаў ад 2,00 да 2,75 м. Таўшчыня пахавальнага пласта, пакінутая ў магільных ямах, у цэнтры ад 0,20 да 0,70 м. Можна меркаваць, што людзі, якія непасрэдна рабілі папярэднюю эксгумацыю (выбарку касьцей), не былі зацікаўленыя ў сваёй працы; 

- усе археалягічна дасьледаваныя намі пахаваньні, у якіх выяўлены сьляды папярэдняй эксгумацыі, мелі западзіны глыбінёй ад 0,18 да 0,65 м ад лініі краёў магілы. Тымчасам усе існуючыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах (510 магіл) характарызуюцца аналягічнымі западзінамі. Адсюль вынікае, што западзіны на магілах утварыліся пасьля папярэдняй эксгумацыі і недастатковай іх засыпкі малой колькасьцю грунту (паколькі зь ямаў быў выбраны значны аб’ём пахавальнага пласта нябожчыкаў). Такім чынам, усе выяўленыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах паддаваліся раней раскопцы й эксгумацыі; 

- раскапаныя намі пахаваньні памерам адносяцца да малых і сярэдніх. Колькасьць нябожчыкаў, якая згодна з разьлікамі магла быць пахаваная ў такіх магілах, - ад 150 да 260 забітых у кожным пахаваньні. Калі ўзяць сярэднюю лічбу 200 нябожчыкаў у магіле і зрабіць простае памнажэньне на колькасьць выяўленых сёньня пахаваньняў, дык атрымаем 102000 чалавек. Аднак сапраўдная лічба пахаваных павінна быць у 2-2,5 разоў большай і дасягаць, пэўна, 220-250 тысяч. Па-першае, існуе шмат магіл, большых памерам за дасьледаваныя намі, а некаторыя пахаваньні ўяўляюць сабой яміны даўжынёй да 10 м па большым баку. У такіх магілах могуць быць пахаваныя тысячы забітых. Акрамя таго, каля сотні (калі ня больш) магільных западзін было засыпана і потым зьнівэлявана бульдозэрам у час пракладкі газатрасы й высечкі лесу вакол яе ў сакавіку-траўні 1988 г. Мноства магіл зьнікла, калі пракладалі кальцавую дарогу ў канцы 1950 - пач. 1960-х гг., і, магчыма, у 1940-х гг. у час высечак, траляваньня й падсадак лесу на гэтым месцы. Рэальная колькасьць пахаваньняў у Курапатах магла сягаць да 900 магіл, а можа і больш, прычым аб памерах зьнішчаных і засыпаных пахаваньняў мы можам меркаваць толькі па велічыні існуючых цяпер магіл.
 

 

Белорусская интернет-библиотека "Камуникат".

http://kamunikat.net.iig.pl/www/knizki/historia/pazniak/kurapaty/04.htm 

Ссылка на данный материал предоставлена редакции "Правды о Катыни" участником интернет-форума реконструкторов reibert.info с ником "veiss "


Дата: Воскресенье, 10 Сентябрь 2006
Прочитана: 4678 раз

Распечатать Распечатать    Переслать Переслать    В избранное В избранное

Вернуться назад